11 мая 2022 года замежныя слухачы факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў суправаджэнні куратараў Вікторка Ларысы Валянцінаўны і Міхалевіч Міланы Міхайлаўны наведалі Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь. Падчас экскурсіі па ўсіх трох паверхах навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй бібліятэкі, творамі мастацтва, якія ўпрыгожваюць яе інтэр’еры, тэхнічным абсталяваннем і архітэктурнымі асаблівасцямі будынка. Самым запамінальным стала наведванне Музея кнігі, дзе можна было пабачыць кнігі на родных мовах саміх навучэнцаў і нават паспрабаваць прачытаць аль-кітаб, пазнаёміцца са скарынаўскімі выданнямі (у тым ліку з Бібліяй Рускай, 500- годдзе з дня выдання якой адзначаецца сёлета), а таксама натхніцца на вывучэнне будучых спецыяльнасцей медычнага профілю, аглядаючы тэматычную выставу «Шэсць стагоддзяў медыцыны і фармацыі ў рарытэтах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі».
На заканчэне экскурсіі слухачы змаглі палюбавацца панарамай Мінска з агляднай пляцоўкі і абмеркаваць уражанні на свежым паветры ў рэкрэацыйнай зоне побач з бібліятэкай. Кафедра дадатковай адукацыі выказвае ўдзячнасць Лазаравай Вользе Юр’еўне за дапамогу ў арганізацыі экскурсіі.