Кола зімовых святаў: «Мінская гасцёўня» зноў запрашае сяброў

14 студзеня  2020 года  для замежных слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі была арганізаваная другая тэматычная вечарына з серыі «Мінская гасцёўня»  –  «Кола зімовых святаў».  Выкладчыкі кафедры дадатковай адукацыі Вікторка Ларыса Валянцінаўна, Осіпчык Анастасія Ігараўна і Міхалевіч Мілана Міхайлаўна праспявалі калядныя песні і распавялі пра традыцыйныя зімовыя святы і абрады Беларусі, іх гістарычныя вытокі і значэнне ў сучасным жыцці беларусаў.

З прывітальным словам да слухачоў звярнуліся дырэктар Інстытута Сяргей Аляксандравіч Маскевіч і дэкан ФПКіП Уладзімір Станіслававіч Пуцік, якія  падзякавалі ўдзельнікам вечарыны за цікаўнасць да беларускай культуры, выказалі надзею, што навучэнцы будуць спрыяць яе пашырэнню і за межамі Беларусі, у сваіх родных краінах, а таксама пажадалі ўсім поспехаў у навучанні.

Пасля прэзентацый і пачастунку (у тым ліку хатніх бліноў, печыва з журавінамі, і вядома, самай сапраўднай куцці) замежныя госці вечарыны распавялі пра традыцыі і звычаі, звязаныя з зімовымі святамі, у сваіх родных краінах – Тагалезскай Рэспубліцы, Камеруне, Кот-д’Івуары і іншых. Па заканчэнні вечарыны ўдзельнікі адзначылі, што такія сустрэчы спрыяюць пашырэнню не толькі сяброўства і ўзаемаразумення, але і станоўчага іміджу інстытута і Беларусі ў цэлым.

Кафедра дадатковай адукацыі выказвае ўдзячнасць аддзелу тэхнічных сродкаў навучання і камунікацыі за тэхнічную дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.