«Мінская гасцёўня»: Любімаму факультэту аб маёй Радзіме

У Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А.Д.Сахарава БДУ навучаюцца слухачы і студэнты з самых розных куткоў свету. 25 лютага 2022 года «Мінская гасцёўня» –  культурна-выхаваўчы праект кафедры дадатковай адукацыі для замежных слухачоў –  зноў сабрала навучэнцаў з замежных краін, каб кожны з іх мог распавесці цікавыя і важныя рэчы пра свае краіны, пазнаёміць з самымі прыгожымі мясцінамі, прыроднымі паркамі, геаграфічнымі асаблівасцямі, нацыянальнымі традыцыямі, культурнымі адметнасцямі. Слухачы з Ірана, Кот-д’Івуара, Ганы, Конга і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Нігерыі, Камеруна паказалі пазнавальныя і з любоўю падрыхтаваныя прэзентацыі і распавялі аб сваіх родных краінах на мовах навучання – англійскай і рускай. Не будзе перабольшаннем, калі адзначыць, што шмат цікавых фактаў даведаліся не толькі навучэнцы (якія з захапленнем адкрылі для сябе рэальныя культурныя крыніцы да таго ананімных ролікаў у Tik-Tok), але і супрацоўнікі і выкладчыкі факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Веданне, разуменне і прыняцце іншых культур – падмурак узаемаразумення ў сучасным свеце і мірных добрасуседскіх адносін у шырокім сэнсе слова.