Мінская гасцёўня для замежных слухачоў

10 снежня 2019 года адбылася першая тэматычная вечарына з серыі “Мінская гасцёўня: давайце пазнаёмімся” для замежных слухачоў, падрыхтаваная выкладчыкамі кафедры дадатковай адукацыі і супрацоўнікамі факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі і прысвечаная культуры Беларусі.

З прывітальным словам да слухачоў звярнуліся дырэктар Інстытута Сяргей Аляксандравіч Маскевіч і дэкан ФПКіП Уладзімір Станіслававіч Пуцік. Пасля першага знаёмства і прагляду відэапрэзентацый з цікавымі фактамі пра Беларусь на англійскай і французскай мовах удзельнікі вечарыны частаваліся стравамі нацыянальнай кухні, вучыліся іх гатаваць, занатоўваючы рэцэпты з прэзентацыйнага экрана, абмяркоўвалі падабенствы і адрозненні традыцыйных страў у Беларусі і ў сваіх родных краінах.

Пасля пачастунку прысутных чакалі міні-віктарына, прысвечаная цікавым фактам пра Беларусь і нацыянальным сімвалам нашай краіны, і круглы стол “Беларусь і яе традыцыі”, падчас якога госці выказалі свае ўражанні ад прагледжаных міні-фільмаў і абмеркавалі пералік культурных і спартыўных падзей і цікавых мясцін, якія было б цікава наведаць. Па выніках круглага стала было праведзенае пісьмовае анкетаванне – адказы слухачоў будуць улічаныя пры планаванні наступных вечарын і іншых мерапрыемстваў.