Віншуем з Днём роднай мовы!

21 лютага слухачы падрыхтоўчых курсаў і выкладчыкі кафедры дадатковай адукацыі факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі МДЭІ імя А.Д. Сахарава БДУ адзначылі Дзень роднай мовы.

На факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ навучаюцца слухачы з 12 краін Азіі і Афрыкі. У групах прайшлі тэматычныя заняткі, прысвечаныя роднай мове, на якіх слухачы выступілі на мовах, якія яны вывучаюць, і на сваёй роднай мове, пазнаёміўшы сваіх аднагрупнікаў з гучаннем сваёй роднай мовы і культурай краіны.

Дзень роднай мовы быў заснаваны ЮНЕСКА па прапанове краіны Бангладэш. 21 лютага 1952 года загінулі 5 студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане. Абвешчаны ён быў у лістападзе 1999 года з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці.

У свеце існуе больш за 7000 моў і кожная з іх – гэта ўнікальная спадчына чалавецтва, якая з’яўляецца не проста сродкам камунікацыі, але і ключом да разумення традыцый і гісторыі народа.

У кожнага з нас ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай, і гэты дзень нагадвае ўсім пра каштоўнасць і багацце кожнай мовы – вялікай ці малой.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбітаў.